Рэдакцыя "Палiтрынга" вырашыла запусціць вясновае апытанне экспертаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, палітолагаў, якое будзе прысвечана ўплыву эпідэміі каранавiруса на сусветную супольнасць і нашу краіну.

Жыццё сусветнай супольнасці пасля каронавіруса – якiм яно будзе, і якое месца ў iм зойме Беларусь? Ці памяняе наша краіна знешнепалітычны вектар, ці ўсвядомiць неабходнасць паскарэння інтэграцыйных працэсаў, або ж пойдзе іншым шляхам - на збліжэнне з Захадам?

Сваім меркаваннем па агучаных пытаннях дзеліцца старшыня Беларускай партыі Свабода-Самаабарона Сяргей Высоцкi.

- Як зменіцца свет пасля пандэміі коронавируса? Якое месца ў ім зойме Беларусь?

- Каранавірус паскарае эканамічны заняпад, і гэта пагроза працяглай рэцэсіі,якая  разам з вірусам ужо адкінула сусьветную эканоміку на парадак назад. Разарваныя сувязі, развальваюцца бізнэсы, нават буйныя кампаніі не вытрымліваюць.

Выжыве і адносна выйграе той, хто прыймаў найбольш адэкватныя меры ў часе сур’ёзных выпрабаваньняў. Гэта не значыць, што такія краіны не пацерпяць, але ў іх можа быць спад эканомікі там 10%, а ў тых, хто неадэкватна дзейнічаў – 30%, ці 40%, і Беларусь, якая ў такой сітуацыі дзейнічае больш-менш адэкватна, можа выйграць.

Але найбольш можа вырасьці міжнародны аўтарытэт Беларускай дзяржавы, аўтарытэт нашага народу, які ў цяжкія часы не енчыць, а аб’ядноўваецца, ды працуе і змагаецца з бядой…І тут не да разборак з рэжымам, стаіць пытаньне будучыні нашай Дзяржавы ды яе грамадзянаў…

І менавіта гэта, як мне падаецца, бесіць тых, хто гнюсна сьпекулюе на бядзе, раздзьмухае паніку, каб дамагчыся паразы Беларусі, каб нацыя апусцілася на калені…

- Крызісныя абставіны апошняга часу паказваюць відавочныя высновы: розныя тактычныя рознагалоссі паміж РФ і Беларуссю-гэта нішто ў параўнанні з глабальнымі выклікамі. Ці прывядзе гэтая сітуацыя да паскарэнню інтэграцыйных працэсаў?

-Кажучы пра адносіны Беларусі ды Расеі пара ўжо выкінуць з лексікону тэрмін “інтэграцыя” як такі.

Мы ўжо “інтэграваныя” да абсурду…Ідзе палітычны ды эканамічны шантаж, з пагрозай аншлюсу.

Глядзіце на якім фоне адбываецца гэтая эпідэмія – працяг інфармацыйнай вайны расейскіх СМІ супраць Беларусі. Не вам мне распавядаць, досыць адкрыць ледзь не кожны  расейскі тэлеграм- канал, і там мінімум пра сітуацыю ў самой Расеі, якую бяда накрыла куды страшней. Няма абмеркаваньня праблемаў развалу расейскай эканомікі, павялічэньне захварэўшых ва ўсіх рэгіёнах РФ, праблемы парушэньня правоў чалавека. Не – канцэнтрацыя на сітуацыі ў Беларусі, прадузятая падача становішча ў Беларусі, смакаваньне бяды, ледзь не па кожнаму выпадку хворага ў нас…Нібыта ў самой Расеі няма аніякіх праблем…

Тая ж гісторыя з гэтым памерлым расейскім хлопцам у Віцебску ды патрабаваньне пакараць Беларусь…Аднак я заўважыў, што расіяне тут перажываюць вірус, а вяртацца ў “карантынную” Расею не жадаюць…

Гэта рэальная адзнака сітуацыі, у Крамля выклікала шаленства ўпартасьць Беларусі ў абароне дзяржаўнай незалежнасьці. Праз гэтую прызму – пагрозы з боку расейскага імперыялізму, трэба ацэньваць нашую ўнутраную сітуацыю і тое, што накручваецца вакол Беларусі…

Сітуацыя вельмі трывожная, і нацыі зараз патрэбная еднасьць у процістаяньні знешняй пагрозе, як ніколі з часу абвешчаньня незалежнасьці. Хутка Масква перажыве шок пасьля гэтага вірусу, і і працягне атаку на Беларусь. Шмат залежыць ад таго, наколькі моцны будзе ўдар па Расеі ад крызісу, і з якімі стратамі ў эканоміцы выйдзе Беларусь…

Таму палітыкі і дзеячы найперш ліберальнага лагеру, якія адмыслова сеюць істэрыю, па сутнасьці дапамагаюць Крамлю, праз ідэю радыкальнага карантыну, закрыцьця прадпрыемстваў, прагнуць разваліць дзяржаву, і зрабіць прыход Расеі вельмі лёгкім. Меры процідзеяньня вірусу – так, паніку – нафіг..  

- Якая верагоднасць таго, што розьніца ў падыходах Расеі і Беларусі да барацьбы з каронавірусам "разгорне" Менск у бок Захаду?

- У гэтым вірусе як бачым увогуле кожны сам за сябе…

Расея цікава прапагандысцкі выкарыстоўвае гэтую сітуацыю. Саюзніка яны паўгода мучылі нафтавым шантажом, а дапамагаюць Італіі ды ЗША. Нічога сабе саюзнічак…ЗША прыслалі нам сымбалічную падтрымку, Кітай, ідуць перамовы ў Еўразвязам. Гэта правільна. Пагана іншае, быў змарнаваны час для дыверсіфікацыі стасункаў. Зараз гэта рабіць цяжэй, хаця б таму што ва Ўкраіне прыйшла прарасейская ўлада, праблемы ў саміх заходніх дзяржаў.

Маё бачаньне – кіраўніцтва дзяржавы недастакова актыўнае датычна стасункаў з ЗША. Прыезд Майка Пампеа адкрыў перад дзяржавай такія магчымасьці, якіх ніколі не было раней. І трэба гэты прарыў нарошчваць. Маю свае кантакты ў амерыканскім палітыкуме – ЗША чакаюць адказаў ад Беларусі…Амерыканцы паабяцалі падтрымку ва ўсіх сферах, то варта адкінуць усе саўковыя стэрэатыпы ды працягваць гэты вектар. Не варта рваць эканамічныя стасункі з Расеяй, але палітычнае ды эканамічнае супрацоўніцтва з ЗША трэба нарошчваць тут і цяпер!  Пытаньне да палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі…

Нельга далей губляць часу. Перадышка, звязаная з праблемай унутры самой імпрыі, будзе нядоўгай. Трэба ўзмацяняць дыпламатыю з Еўрапай і Штатамі, іншымі дзяржавамі. МЗС павінен працаваць як Міністэрства аховы здароў’я, у рэжыме поўнай мабілізацыі.

Таксама чаму б зараз беларускаму ўраду не санкцыянаваць перамовы з патрыятычнымі сіламі, з годнымі ды самастойнымі дзеячамі (не з марыянеткамі ды панікёрамі),  з прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, зарэгістраваць нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі, даць пазіцыі на тэлебачаньні…Чаму б не адкрыць шляхі для поўнага спыненьня праяў этнацыду, адкрыць усе шляхі для беларускай культуры…У гэтым выйсьце… Зараз выдатны час каб развярнуцца да свайго народу ў поўнай меры, тут галоўныя рэзервы і тут сіла, якая здатныя спыніць любога агрэсара ды імперста…

- Якія наступствы для Беларусі могуць рушыць услед за пераарыентацыяй нашай краіны на захад?

- Разам з тым гэты крызіс дазволіў вельмі сур’ёзна зрушыць сітуацыю.

Беларусь зараз незалежная як ніколі за апошнія гады. Ужо мала хто балбоча пра “саюзнае гасударства”, з расейскага боку беларускую мяжу ахоўваюць казачкі (узнікла сапраўдная мяжа),  беларусы адзіныя хто гуляе ў футбол – і  аніводны заўзятар на футболе не захварэў, а фан-клубы беларускіх клубаў ад Аўстраліі да ЗША. Учорашні рэпартаж на Еўраньюс кажа, што дзяржава ўжо набыла аўтарытэт. Наш падыход разам са Швецыяй, Паўднёвай Карэяй ды Японіяй апынуўся адэкватным.

Вось у Швецыі з пачатку эпідэміі памерла 96, а ў Гішпаніі, якая ўвяла радыкальны карантын – памерла больш 15500 чалавек. І вось тыя, хто прагне татальнага каранавірусу хочуць каб і ў нас памерла ў сто разоў больш людзей? Ці яны хочуць эканамічнага банкруцтва дзяржавы?

Але спазняцца ў мерах бясьпекі нельга, як бы не было цяжка (тэсцірваньне, маскі ў публічных месцах, умацаваньне пазіцыяў медыкаў).  

Сёньня мы мусім узгадаць, што мы беларусы (літвіны) – прадстаўнікі вялікага еўрапейскага народу, які заўжды трымаў удар, і гэты крызіс перажывем, калі будзе еднасьць…

- У выпадку абвастрэння сітуацыі з каранавірусам, у каго Беларусь у першую чаргу будзе прасіць дапамогі?

- Датычна магчымага абвастрэньня -прыйдзецца далей ужэстачаць меры. Але і зараз гэта робіцца, бяз лішняга гвалту. Мяркую, улады будуць найперш абапірацца на ўтутраныя магчымасьці...А ў каго будуць прасіць - дык ужо зараз ідуць перамовы з Еўразвязам, Кітай перасылаў, ЗША. Еўразвяз сам прапануе падтрымку...Вось такія вектары і бачныя. Мне хочацца спадзявацца, што вытрымаем сваімі ўласнымі магчымасьцямі.


Перейти на сайт