Скачать приложение Политринг

Віктар Марціновіч: Не хапіла паветра

budzma.by 
Калі час замёр на месцы, ніхто і не павінен паміраць. Калі нічога не адбываецца, як можа нехта адыходзіць? Назаўсёды.

Мы ж жывём як тыя кузуркі ў бурштынавай пацерцы — адначасова цяпер і 25 гадоў таму, калі ўсё гэтае лайно пачалося. Мы вядзём спрэчкі, запачаткаваныя ў дзевяностых, мы нікуды не спяшаемся, мы не баімся крыўдзіць і крыўдаваць. Мы не чытаем трапных кніг і не слухаем новых альбомаў старых куміраў. Што прынцыпова для нас — удалы статус у ФБ ці яскравая фотачка ў Інсце. Выкажыся пра мову ці БНР няўдала — і ты ў бане. Кім бы ні быў. За культуру ў нас адказваюць сірыкі Netflix, спісы якіх рэгулярна складаюць сайты, рэдактары якіх, гэтаксама як і мы, не чытаюць трапных кніг і не слухаюць новых альбомаў старых куміраў.

І вось — заўсёды раптоўна — аказваецца, што смерць у гэтым нашым дзіцячым садку таксама ёсць. Што дзеткі на гаршчэчках з падключанымі да Фэйсбука смартфончыкамі таксама куляюцца у вечнасць. Гэтая неспадзяванка — і толькі яна — раптам вельмі балюча дастае з матрыцы. Не, людцы, гэта не час стаіць гэтыя 25 гадоў. Час якраз імкліва бяжыць, мы сівеем, ніякавеем, пакрываемся зморшчынамі. Гэта мы замерлі, усёй краінай, усёй культурай і гісторыяй.

Калі Кулінковічу было 40 гадоў, мой сябра Антон Кашлікаў прыйшоў да яго ў госці і пабалакаў з “дзядзем Сашам” на кухні. А потым напісаў тэкст, які я памятаю дагэтуль: маўляў, я хацеў бы, каб у мяне быў вось такі “саракет”, як у Кулінковіча. Ёсць напісаныя цудоўныя песні, ёсць энергія рухацца далей, ёсць бездакорныя рэпутацыя і статус. На дварэ, атрымліваецца, быў 2012 год. Кулінковіч — зноўку атрымліваецца (з калькуляцыі гадоў жыцця і абставінаў) — быў у пакутлівым бане за выступы не на тых канцэртах. Чорны спіс музыкаў быў апублікаваны ў 2011-м, і нягледзячы на запэўніванні Праляскоўскага пра тое, што спіс — “гнюсная фальшыўка”, канцэрты адмяняліся, выступы скасоўваліся. І вось “дзядзя Саша” трымаў удар. Выглядаў на глыбу. “Я хацеў бы мець такі саракет, як у Кулінковіча”.

Тут трэба зазначыць наступнае. Любы чалавек, які піша вершы, песні ці раманы, здольныя вам спадабацца, — чалавек вельмі нервовы. Таму што ён не словамі іх піша, а ўласнымі нервамі. І калі вам, напрыклад, смешна падчас праслухоўвання дзядзясашавай песні “Белтэлекам”, дык паверце, вам смешна таму, што аўтар словаў і музыкі вельмі востра перажываў парадаксальнасць беларускага быцця, пакуль мы з вамі сядзелі на гаршчэчках. І калі ты так уклаўся ў свой альбом “Да х…я саветчыкаў”, ты відавочна хочаш, каб твае песні слухаліся. Каб іх круцілі па радыё з перапынкамі на рэкламу гарбаты “Ліптан”.

Але нічога гэтага не будзе. Бо ты ў чорных спісах. І песні тыя ніхто (і, табе падаецца, ніколі) не пачуе. Яны застануцца недзе паміж табой і мікрафонам. І гэтаксама будзе з тваімі вершамі, п’есамі, сцэнарамі і раманамі.

І ты жывеш з гэтым год, другі, трэці. Ты сівееш з гэтым. Ты ніякавееш і горбішся з гэтым. Ты п’еш піва “з насякомымі” з гэтым. Пры гэтым трэба пакінуць сілы на тое, каб здароўкацца з суседзямі, хадзіць у краму па біфідакефір і ствараць адчуванне зайздрасці да твайго “саракету”.

На наступны год пасля выхаду Антонавага тэксту Кулінковіч пачаў пісаць калонкі ў “Савецкую Беларусію”. Дзядзя Саша выйшаў з-пад забароны. Ён скокнуў на сцэну і на рэкламныя постары ў метро. Ён пачаў спяваць — гэтаксама надрыўна і нервова, як рабіў гэта ў 2012-м. Што пачулі дзеткі на гаршчэчках? Толькі тое, што Кулінковіч пачаў пісаць калонкі ў “Савецкую Беларусію”. Гаршчэчкі вельмі хуткія на смяротныя крыўды. Яны (мы!), як я ужо адзначаў, сядзяць так, быццам ніхто навокал ніколі не памрэ.

Мой тэкст — для жывых і пра жывых. А таму я не хачу пісаць узнёслых словаў пра тое, што Кулінковіч — сімвал усёй нашай “чорнаспіскавай” генерацыі. Што ў ягоным лёсе — канцэнтраваная трагедыя гэтага б…дскага часу, калі ты мусіш штодзённа рабіць выбары, якія не з’яўляюцца натуральнымі для чалавека. Як бы ў такой сітуацыі зрабіў Дэвід Боўі? Што Джым Морысан сказаў бы на раздарожжы: ці пытайся ў начальства пакорліва і публічна, чаму цябе забаранілі (начальства зробіць выгляд на камеру, што было не ў курсах), ці задыхайся і далей без магчымасці выступаць? Як можна было б растлумачыць Джону Ленану, што такое “Савецкая Беларусія”?

Апошні допіс Кулінковіча з’явіўся на sb.by у 8 гадзін раніцы таго дня, калі ён памёр. Тэкст не моцна разышоўся, бо ў сацыяльных сетках не прынята шэрыць публікацыі з асобных сайтаў. Апошняе дзядзясашава выказванне было пра патрэбу прабачэння. Пра тое, што жыццё хуткабежнае і часам можна проста не паспець выбачыць бліжняга. Мне гэты пост падаўся такім жа прароцкім выказваннем, як з’яўленне пэўных трэкаў з Black Star на фоне хуткага адыходу ў вечнасць Боўі. Праз некалькі гадзін пасля публікацыі гарачыя галовы з гаршчэчкаў пачалі выводзіць лайном па тэлефонах, што, маўляў, пасля Кулінковіча застануцца адно выказванні пра літвінаў і адмова выступіць на святкаванні БНР.

Людцы, пасля Кулінковіча застаўся гімн майго пакалення: “Я памру тут”. Да дрыжыкаў шчырая “атветачка” нашаму колішняму аптымістычнаму “Я нарадзіўся тут”.

Бо чалавек не выбірае, дзе нарадзіцца.

Любоў творцы да Радзімы — у тым, каб тут памерці, а не з’явіцца на свет. Памерці, як Быкаў. Ці як Кулінковіч.

Любоў творцы да мовы — у тым, каб пакінуць на ёй моцныя творы, а не ў тым, каб пісаць банальнасці пра яе веліч і прыгажосць з гаршчэчка ў Фэйсбук.

Але гэта Беларусь, і любы выбар тут будзе памылковым, любыя словы не зразумеюць ці зразумеюць не так. Адзіна верных альтэрнатыў няма. Застанься ў цені — памрэш у забыцці, як вялікі Анемпадыстаў. Папрасі літасці — і сыдзеш пад клёкат тых, хто вінаваціць у недастатковай прынцыповасці, як вялікі Кулінковіч. Гэта Беларусь, дзетка. Краіна, абудзіць якую можа толькі смерць.

І нават у дыягназе — канстатацыя таго, што чалавеку не хапіла паветра.

Я не даслухаў “дзядзю Сашу” пры жыцці, чамусьці не пайшоў на ягоны канцэрт у “Графіці”, хаця быў у Мінску. Вінаваты. Пайду слухаць “Гусі-лебедзі” цяпер.

Дзякуй Богу, у выпадках з сапраўднай музыкай і вялікай літаратурай спазніцца немагчыма.

Источник: budzma.by

7647 просмотров

Комментарии для сайта Cackle
 

Опрос

Как вы относитесь к высылке пресс-секретаря ОГП Анны Красулиной из Беларуси?

 
 

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ТОП-10 ПУБЛИКАЦИЙ

О сайте

«Политринг» - дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь. Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства. Но мы чётко уверены: лишь с помощью диалога Беларусь может стать современным демократическим государством.
Связь с редакцией, реклама - editor@politring.com / +375 (4453) 15-3-52

ЧПУ «Согласие-медиа» УНН 193000461

X
Много новостей? Мы собрали главные в нашей расссылке!