Сяргей Камароўскі: Народ павiнен баранiць сваю армiю


Як паведамляюць СМІ, пастановай суда была аштрафавана актывістка А. Луцкевіч (АГП) за плякат “Беларуская армія – сэрыйны забойца”, выстаўлены ёю на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Падобна на тое, што на палітычным небасхіле зьявіцца новая зорка і нават пакутніца “за правое дело”. Ня выключана, што арганізатары гэтай акцыі разьлічваюць на “раскрутку” гэтага лёзунга ў шырокіх колах грамадзтва і ва ўкараненьні яго ў масавую сьвядомасьць беларусаў.


Адным на вайсковай службе пашэнціла больш, іншым менш, але ўсе вынесьлі адтуль успаміны пра абсурд, бязладдзе, збачэнскія адносіны да чалавека і беларуса, пра татальную гвалтоўную русіфікацыю. Некаторыя маладыя мужчыны страцілі здароўе, ёсьць сьмяротныя выпадкі, забойствы і суіцыды. Бацькі параўноўваюць гэтую драму са сваёй службай у савецкім войску, якая запомнілася ўсім як кашмар на ўсё жыцьцё.


У арміях нацый і дзяржаў, што вызваліліся ад маскоўскай акупацыі, ніхто такіх параўнаньняў ня робіць. Там ёсьць свае праблемы, але няма штучна створанай драмы. У чым жа гэтая “штучнасьць” у Беларускай арміі? Адказ на рытарычнае пытаньне ляжыць на паверхні. У вызваленых краінах адбыліся працэсы адраджэньня нацыянальных мілітарных традыцый, вяртаньня ў армейскае жыцьцё мовы тытульнай нацыі дзяржавы; гэтымі арміямі – усімі яе структурамі і службамі – камандуюць сыны гэтай краіны, яе патрыёты. Нікому нат у галаву не прыходзіць паклікаць на камандныя пасады кадраў з Масквы або даваць каманды па-расейску. Вядома на практыцы, што русіфікацыя і напампоўваньне Украінскай арміі расейцамі прывялі да глыбокай стадыі дэмаралізацыі і ўнутранага распаду важнейшай дзяржаўнай інстытуцыі. Пачатак расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе паказаў, наколькі разбуральнымі былі працэсы, запушчаныя ў нацыянальнай арміі. Украіну выратавалі атрады дабраахвотнікаў і лічаныя падразьдзяленьні, якія не паддаліся русіфікатарскаму разбурэньню. Практычна, армію давялося ствараць нанова, у цяжкіхі умовах сучаснай вайны з магутным агрэсарам.


Аналіз паказвае, што ў Беларускай арміі пад кіраўніцтвам Масквы праводзяцца тыя ж працэсы дэструкцыі. Разам з чужой нам мовай з усходу прышлі чужыя кар’ерысты, для якіх Беларусь – нішто, бульбашы. Для якіх задача – не абараніць нашу краіну, а хутчэй падпарадкаваць яе сваёй імпэрыі, аслабіць яе, давесьці ўсё да распаду. Беларускія афіцэры і падафіцэры – патрыёты Бацькаўшчыны – ня маюць голасу ў сваёй арміі, захопленай маскоўцамі. Для іх там няма ніякіх пэрспэктыў, яны там лішнія. Вось з гэтымі постсавецкімі маскоўцамі, зь іхняй мовай і іхнімі адносінамі да чалавека і беларуса ў нашу нацыянальную армію прыйшоў крымінал, дзедаўшчына, азьвярэньне, якія культывуюцца штучна і мэтанакіравана. З Масквы прышла дзікая азіятчына.


Што ж рабіць? Нашы вайскоўцы, усё наша грамадзтва павінны ўспомніць, што мы не маскоўская арда, а эўрапейскі цывілізаваны народ. Што ў нас ёсьць чалавечы і нацыянальны гонар, свая мова, вялікая традыцыя змаганьня і перамог. Што асаднік з дзікага імпэрскага Усходу нам чужы, і ён павінен быць адасланы назад “восвоясі”. Беларускі афіцэр і падафіцэр – чалавек старэйшы ўзростам, з вайсковай адукацыяй і досьведам – павінен быць старэйшым братам, бацькай беларускаму юнаку, які надзеў вайсковую ўніформу і ўзяў зброю ў рукі. Беларусы ў сваім войску – браты, адзінае цэлае, эліта нашага грамадзтва, якая выконвае няпростыя абавязкі, стаіць на абароне НАШАЙ КРАІНЫ. І за гэта ім павінна быць усенародная падзяка, любоў, рэспэкт і падтрымка. Здавалася б, гэта агульнавядомыя рэчы, але іх трэба паўтараць у наш мутны час унутранай акупацыі. Іншага шляху аздараўленьня і супраціву злу няма. І калі беларускі афіцэр і жаўнер скажуць камандыровачнаму ненавісьніку, зьнішчальнку ўсяго беларускага: “Я вас не разумею. Гаварыце па-беларуску!” – тады акупант застанецца ні з чым.


На плякатах павінен выказвацца пратэст супраць маскоўскага апанаваньня нашай арміі, патрабаваньне выдаленьня зь яе шэрагаў акупантаў і чужынцаў, сьцьвярджэньня беларускай мовы ў яе жыцьцядзейнасьці, прывядзеньня на камандныя пасады беларускіх патрыётаў і прафэсіяналаў. Той, хто сфармуляваў і ўсунуў плакацік з жорсткім абвінавачваньнем на адрас Беларускай арміі ў рукі маладой асобы, -- або недалёкі розумам, або правакатар. Гэта ёсьць спроба прышчапіць беларусам агіду да Беларускай інстытуцыі, сэмантычна пазначыць (нават на ўзроўні падсьвядомасьці), што забойца менавіта беларускі. Потым нам растлумачаць, што армія нам свая зусім не патрэбная (“не дарасьлі”, “не атрымліваецца ў беларусаў”), і не замінала б яе ўліць у “сучасную і непераможную армію РФ”.


Нацыянальная армія бароніць Беларусь, але ёсьць моманты, калі грамадзтва павінна абараніць сваю армію і яе службоўцаў. Трэба казаць і патрабаваць праўду, а не агучваць падсунутыя збоку крычалкі.


Сяргей Камароўскі 

Народная перамога

4406 просмотров
Публикации в рубрике «Статьи, мнения» являются видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Политринга» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция «Политринга» не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
 

Опрос

Одобряете ли вы спецоперацию России на Украине?

 
 

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ТОП-10 ПУБЛИКАЦИЙ

Курсы валют НБРБ

10 Бразильских реалов 6,5093
10 Датских крон 4,6958
1 Кувейтский динар 10,5616
10 Дирхамов ОАЭ 8,8495
1 Доллар США 3,2498

О сайте

«Политринг» - дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь. Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства. Но мы чётко уверены: лишь с помощью диалога Беларусь может стать современным демократическим государством.
Связь с редакцией, реклама - [email protected] / +375 (4453) 15-3-52

ЧПУ «Согласие-медиа» УНН 193000461