Сяргей Дубавец: Змагары за справядлівасьць ці першыя «зялёныя чалавечкі»?

zapraudu.info 

На сайце Petitions. by зьбіраюць подпісы за тое, каб вулічная і дарожная інфармацыя ў Беларусі была па-руску. «Наряду» зь беларускай мовай.


Грамадзяне абураныя тым, што ў гэтай сфэры «склалася дыскрымінацыйная практыка, якая парушае правы рускамоўных грамадзян на атрыманьне інфармацыі на роднай мове аб тапаграфічных назвах і аб’ектах вулічна-дарожнай сеткі».


 

За пяць дзён пэтыцыю падпісалі 29 чалавек. Як так? Усе ў Беларусі гавораць па-руску, а так мала подпісаў. Ініцыятары ў камэнтах нават засумняваліся: відаць, сайт нейкі не такі, з падвохам, хоць і называецца па-руску і цёпла так — «Удобный город». У чым справа?


Ведаеце, хацелася тут пачаць далёка-далёка, пра 200 гадоў русіфікацыі, пра тое, чаго не дарабіў рускі штых і даробіць руская школа, пра дывэрсантаў НКВД, якія ў вайну зачышчалі на нашай тэрыторыі не фашыстаў, а беларускія школы і беларускіх настаўнікаў, пра татальнае закрыцьцё беларускіх школ у гарадах пры Машэраве... Шмат пра што хацела б сказаць пакрыўджаная душа. І скончыць «зялёнымі чалавечкамі» і Данбасам. Маўляў, з такіх пэтыцыяў і пачынаецца дэстабілізацыя, нагнятаньне варожасьці і вайна. Хацелася напісаць пра гэта і ўсё гэта было б праўдай. Пагатоў у сьвятле апошніх пуцінскіх заяваў пра тое, колькі Расея страціла ў выніку распаду СССР «свайго». Там, у гэтым «сваім» і Беларусь.


Але напісаць так, значыць, прызнаць пэтыцыянэраў дэ факта агентамі Крамля, якія прамацваюць для Беларусі крымскі сцэнар. Але гэта ўжо не мая кампэтэнцыя, а тых, хто вёў справу рэгнумцаў.


 

Мне ж, наадварот, хацелася б зразумець гэтых людзей і іхную актыўнасьць, іхныя матывы па-чалавечы. Ясна, што для іх, грамадзян і жыхароў незалежнай краіны Беларусі, не складае праблемы ўласна інфармацыйны бок справы. Ці «Кастрычніцкая» плошча ці «Октябрьская», ці вёска «Цюцюкевічы» ці «Тютюкевичи» — у другім выпадку ўсяго толькі безь мясцовага калярыту. Ня любіш мясцовы калярыт, значыць, проста ня любіш месца, у якім жывеш. Твае комплексы. Падняўшы народ, свае ўнутраныя праблемы ня вырашыш. Дзіўнавата гучыць: давайце не любіць! Праўда?


Між іншым, вулічная і дарожная інфармацыя — гэта адзінае, што візуальна-ўтылітарна адрозьнівае Беларусь ад Расеі. Вось едзе чалавек з Расеі, перасякае мяжу. Ужо праехалі ці яшчэ не? Што на дарожных шыльдах? «Залессе»! Ага, ужо Беларусь.


Зразумела, калі ўявіць сабе посьпех ініцыятараў пэтыцыі, ніхто кожнае «Залесье» дубляваць «Залессем» ня будзе. Ніякім бокам нерацыянальна. Будзе толькі «Залесье», «Октябрьская» і «Тютюкевичи». Дык ужо Беларусь ці яшчэ не? Ды не відаць ні з чаго. Усё ж па-руску.


Дарэчы, шмат дзе ў нас ужо даводзілася сустракаць і шыльды вёсак і вуліц па-руску. Так бы мовіць, мясцовая ініцыятыва. Неўсьвядомленая. Інакш падпісантаў пэтыцыі ўжо былі б тысячы. За што яны так ня любяць месца, у якім жывуць? Ня цэняць ягонай самабытнасьці. Ня цэняць незалежнасьці сваёй краіны. А ніхто іх гэтаму не навучыў. Афіцыйныя СМІ, школа і прэзыдэнт хутчэй адвучваюць любіць і цаніць. Але гэта іншая гаворка.


Можа быць, пэтыцыянэры дбаюць пра замежных гасьцей Беларусі? Рускіх, натуральна. Бедныя замежныя госьці, яны ж непазьбежна патрапяць і ў суседнюю Польшчу ці Літву, дзе пра іх ніхто не клапоціцца, а мовы там, ня ў прыклад беларускай, увогуле незразумелыя. І неяк жа разьбіраецца турыст з дарогамі і вуліцамі. У Празе, дзе ў тысячу разоў болей турыстаў, чым у Менску, у мэтро абвесткі не дублююць ні па-ангельску, ні, пагатоў, па-кітайску. Выснова: клопату пра «русо турысто» ў пэтыцыі непараўнальна менш, чым жаданьня прыпадобніць Беларусь да Расеі. Фактычна сьцерці з твару Беларусі яе самабытнасьць, а далей, натуральна, і незалежнасьць.

Ну зноў палітыка. Як ні кручу, як ні шукаю чалавечага матыву, упіраюся ў той самы Рэгнум і «ветлівых чалавечкаў».


Зраблю апошнюю спробу. Ёсьць такі тып людзей — з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. Вельмі часта такія людзі выклікаюць павагу. Але бывае, што абвостранае пачуцьцё скіроўваецца ў «малако». Ну вось напісана ў Канстытуцыі, што дзьве дзяржаўныя мовы, дык памры, а дай, каб нідзе ні разу не было толькі па-беларуску. Бо засільле беларушчыны! Ратуйце! Гэта такая прынцыповасьць, якая, што да справядлівасьці, павернутая роўна адваротным бокам. Бо ў Беларусі нават жывёлам і расьлінам ясна, якой мовы засільле і што так ня «склалася гістарычна», а «склалі»... Зноў вяртаюся да таго, пра што напачатку пісаць не хацеў...


Дык вазьмі, скіруйся ты, абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, туды, дзе напісана толькі па-руску, да чыноўніка, які адказвае толькі па-руску, да дэпутатаў, якія прымаюць законы толькі па-руску, да мінадукацыі, дзе на беларускую клясу патрабуюць заявы, а на рускую — «по умолчанию»... Поле дзейнасьці для абвостранага пачуцьця такое шырокае! І подпісаў пад пэтыцыямі на тым самым сайце будуць тысячы. Ужо ёсьць.


На гэты раз угадаў матыў? Не? Тады мае варыянты вычарпаліся.


Сяргей Дубавец

Крынiца: «Радыё Свабода»
6784 просмотра
Публикации в рубрике «Статьи, мнения» являются видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Политринга» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция «Политринга» не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
 

Опрос

Одобряете ли вы спецоперацию России на Украине?

 
 

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ТОП-10 ПУБЛИКАЦИЙ

Курсы валют НБРБ

10 Бразильских реалов 6,5389
10 Датских крон 4,7244
1 Кувейтский динар 10,5803
10 Дирхамов ОАЭ 8,8621
1 Доллар США 3,2545

О сайте

«Политринг» - дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь. Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства. Но мы чётко уверены: лишь с помощью диалога Беларусь может стать современным демократическим государством.
Связь с редакцией, реклама - [email protected] / +375 (4453) 15-3-52

ЧПУ «Согласие-медиа» УНН 193000461