Валентин Антипенко: Надзея ёсць
Сёння ў гатэлі «Беларусь» адбылося цікавае мерапрыемства, арганізаванае рухам «Грамадзянская згода».
Шчыра скажу, што ў час ранейшай гутаркі са сустаршынёй руху Арцёмам Агафонавым, мне было сумнеўна, што за адным сталом прадстаўнікі розных накірункаў грамадскай думкі не пасварацца.
Але сёння, на дзіва, удзельнікі паводзілі сябе вельмі карэктна.
На семінары разглядаўся ўдзел Беларусі ў ініцыятыве Еўразвяза «Усходняе партнёрства».
Не буду адбіраць хлеб у кіраўніцтва «Грамадзянскай згоды» - яно, канешне, будзе падрабязна асвятляць мерапрыемства, таму агучу жартаўлівыя імгненні.
Госць з Украіны, прачытаўшы мантры аб тым, якія яны шчаслівыя, што купляюць вугаль у Пенсільваніі, а расійскі газ - рэверсам з Аўстрыі, зрабіў заяву яшчэ пра адно шчасце: украінцы імкнуцца з'ехаць на працу не ў Расію, а ў Еўразвяз, на што апошні і разлічвае, а Украіна спрыяе. Да таго ж, па ягонай думцы 10 мільёнаў чалавек для Украіны ў астатку - самае тое.
Я схамянуўся, успомніўшы словы Лукашэнкі, што нам той жа колькасці не хапае, але запрашаць рэшткі суседзяў у Беларусь не было паўнамоцтваў.
На гадзіну на семінар заляцеў прадстаўнік "Белай Русі", вядомы аглядальнік і палеміст Пётра Пятроўскі.
Ягоны пераканаўчы выступ, нямецкі пінжак са скуранымі ўстаўкамі на локцях і агучаныя прозвішчы нямецкіх філосафаў зрабілі спрэчку з ім марнай.
Калі Пётра сышоў, прадстаўнік БНФ Ілля Дабратвор, як і чакалася, выказаў нязгоду з некаторымі ягонымі тэзамі і дадаў, што Расія пастаўляе нам тавары неналежнай якасці, у тым ліку смаленскія крупы.
З майго языка сарвалася:
- Дык Смаленск жа наш!
Ілля зразумеў жарт, а я на ўсякі выпадак перадаў навіну жонцы.Тая паслала мяне туды, куды я хадзіў раніцой.
Прыгажуня Эльвіра Мірсалімава сарвала апладысменты за спіч, змест якога нагадаў мне часы маладосці.
Вось што значыць заўсёды мець пры сабе тое, чаго сёння бракуе.
А калі сур'ёзна, то мерапрыемства мне спадабалася.
Выснова адна - варта сабрацца людзям і жывая гамонка робіць цуды: ніхто нікога не перабівае, пытанні задаюцца не дзеля таго, каб зрабіць дурня з суразмоўцы. У перапынках усе прыязна гамоняць, і здаецца, што яднанне і павага адзін да аднаго мае шанец стаць здабыткам маладога пакалення беларускіх палітыкаў.
Па дарозе на былую працу ўбачыў на Свіслачы прыгожых дзяўчат, што кармілі качак ды галубоў. Птушкі не сварыліся за кавалак хлеба, але аднаму імпэтнаму галубу вельмі хацелася першаму падсілкавацца. Ён знайшоў выйсце - смела садзіўся на руку дзяўчыне, а другая рабіла здымкі.
Падумалася, а ці такі ж намер адносна нас мае Еўразвяз?
Адказ прыляцеў імгненна: палітыка - справа брудная.
Источник: Facebook Валентина Антипенко