Валер Карбалевіч: Прарасейская «пятая калёна» на вуліцах Менску

euroradio.fm 
Шэсьце па цэнтру Менску «Несьмяротнага палку» — самы вялікі дэмарш прарасейскіх сілаў у Беларусі пасьля Крыму, а можа, і ўвогуле за ўвесь час незалежнай Беларусі. І гэта выклік для ўладаў, якія апынуліся ў пэўнай разгубленасьці.

Што засьведчыла акцыя «Несьмяротны полк»

Ну вось і дачакаліся. Па галоўным менскім праспэкце прашпацыравала шэсьце колькасьцю паўтары тысячы, якое не хавала сваёй прарасейскай скіраванасьці.

Пад выглядам шанаваньня памяці Перамогі была дэманстрацыя палітычнай ляяльнасьці суседняй краіне.

Калёна была добра арганізаваная, адчувалася грунтоўная падрыхтоўка, у вялікай колькасьці прысутнічала адпаведная атрыбутыка.

Георгіеўскія стужкі — гэта кветачкі. Людзі, якія несьлі партрэты Леніна і Сталіна, не хавалі сваёй настальгіі па СССР, жаданьня вярнуцца туды. Маладзёны ішлі з майкамі «Армия России», «Донецкая Народная Республика», «Вежливые люди», з расейскім гербам. Фактычна кіраваў калёнай лідэр «Русі маладой» Сяргей Лушч. Усе разумелі, што акцыя адбываецца ў піку ўладам, бо афіцыйнае мерапрыемства праходзіла з другога боку плошчы Перамогі.

Радио Свобода 
Даволі знамянальны быў і, так бы мовіць, палітычны партрэт прарасейскага шэсьця.

Актыўна дамагаўся дазволу на дэманстрацыю «Несьмяротнага палку» экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і адзін зь нядаўніх кіраўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі Валеры Драко. Шпацыраваў у калёне старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускай патрыятычнай партыі (якую ўзначальвае былы кандыдат у прэзыдэнты, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч) Уладзімер Навасельскі. Былі прадстаўнікі Беларускага славянскага камітэту, актывісты праваслаўных арганізацый. Узялі ўдзел у шэсьці афіцыёзныя палітолягі Аляксей Дзермант і Аляксандар Шпакоўскі, якія не вылазяць з розных ток-шоў на беларускіх тэлеканалах. То бок гэта ўсё людзі з прыўладных структур.

Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Спутник» па выніках сьвяткаваньня Дня Перамогі дало загаловак: «„Несьмяротны полк“ прайшоў у сераду па ўсёй Беларусі». Тут яно трохі выдала жаданае за існае. Усё ж людзі з партрэтамі загінулых продкаў ішлі ў рамках афіцыйных мерапрыемстваў пад назвай «Беларусь памятае».

 
Але парадокс у тым, што абсалютная большасьць людзей, якія ішлі з партрэтамі, былі ўпэўненыя, што ўдзельнічаюць у акцыі «Несьмяротны полк». Бо жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы і глядзяць на сьвет праз павелічальнае шкло фэдэральных тэлеканалаў РФ. Вось гэтае стыхійнае, да канца не ўсьвядомленае адчуваньне сябе часткай «русского мира», можа, і ёсьць самае небясьпечнае.

Беларускія ўлады не хавалі сваёй разгубленасьці. Спачатку менскі гарвыканкам забараніў шэсьце «Несьмяротны полк». Афіцыйнага дазволу так і не было. Але 8 траўня зьявілася вусная дамоўленасьць, што ўлады ня будуць перашкаджаць шэсьцю.

Адзінае, што прыдумалі ўлады, каб не дапусьціць удзельнікаў калёны на плошчу Перамогі, — гэта паставілі турнікеты і доўга, старанна аглядалі людзей з мэталашукальнікамі.

Сам Лукашэнка няўклюдна апраўдваўся — маўляў, гэта ў Беларусі першымі прыдумалі хадзіць на гэтае сьвята з партрэтамі загінулых воінаў, мы і ня думалі нічога забараняць. Добрая міна пры дрэннай гульні.

Чаму дазволілі

 
Памятаеце, пасьля Дня Волі Аляксандар Лукашэнка ў катэгарычнай форме запатрабаваў ад міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча жорстка перапыняць усе несанкцыянаваныя акцыі. Але разагнаць міліцэйскім спэцназам гэтае шэсьце не адважыліся. Чаму?

Некалькі прычын. Найперш, не хацелася псаваць сьвята, якому ўлады аддаюць надзвычай вялікую ўвагу. Па-другое, улады, думаю, не чакалі, што шэсьце прыме такі яркі, выразны прарасейскі характар.

Па-трэцяе, адна справа — біць дубінкамі апазыцыю, людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта ворагі рэжыму, іх не шкада. А тут жа людзі палітычна роднасныя. Ідэю настальгіі па СССР доўгі час выказваў сам Лукашэнка.

Дарэчы, выступ на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Перамогі, міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова быў проста фэнамэнальны. Дасюль я думаў, што ён проста савецкі генэрал, а аказваецца, што яшчэ і сталініст. Такога гімна сталінізму даўно не было ў беларускім афіцыйным дыскурсе. Раўкоў фактычна вярнуўся да вэрсіі часоў СССР, што разгром фашызму быў перамогай савецкага грамадзкага і дзяржаўнага ладу.

 
Нарэшце, па-чацьвёртае — і галоўнае. Мала таго, што разгон акцыі «Несьмяротны полк» выклікаў бы пэўны скандал у адносінах з Расеяй. Гэта было б паўбяды. Вось блогераў Regnum пасадзілі на год за краты, не пабаяліся рэакцыі Масквы.

Асноўная праблема палягае ў тым, што сілавое перапыненьне гэтага шэсьця выклікала б неразуменьне і абурэньне большасьці беларускага насельніцтва. Якое бачыць сьвет скрозь прызму расейскіх тэлеканалаў, лічыць, што «Крым — наш», Расея — галоўная апора сілаў дабра, падтрымлівае ідэю імпэрскага рэваншу. Было нямала публікацый, што Пуцін у Беларусі нашмат больш паважаны і папулярны, чым Лукашэнка. А гэта ж усё лукашэнкаўскі электарат.

 
У любым выпадку гэты прарасейскі дэмарш 9 траўня — сур’ёзны выклік для рэжыму Лукашэнкі. Дасюль тое, што ўлады не кантралююць беларускую масавую сьвядомасьць, што на яе значна больш уплывае суседняя дзяржава, было толькі фактам сацыялёгіі. Акцыя на Дзень Перамогі паказала, што гэтая праблема стала палітычнай зьявай, трансфармуецца ў палітычнае дзеяньне. Мы выразна ўбачылі ў цэнтры сталіцы прарасейскую «пятую калёну». І з гэтым трэба нешта рабіць.

Валер Карбалевіч

«Радыё Свабода»
4678 просмотров
Публикации в рубрике «Статьи, мнения» являются видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Политринга» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция «Политринга» не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
 

Опрос

Одобряете ли вы спецоперацию России на Украине?

 
 

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ТОП-10 ПУБЛИКАЦИЙ

Курсы валют НБРБ

10 Бразильских реалов 6,3171
10 Датских крон 4,645
1 Кувейтский динар 10,5263
10 Дирхамов ОАЭ 8,8271
1 Доллар США 3,2421

О сайте

«Политринг» - дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь. Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства. Но мы чётко уверены: лишь с помощью диалога Беларусь может стать современным демократическим государством.
Связь с редакцией, реклама - [email protected] / +375 (4453) 15-3-52

ЧПУ «Согласие-медиа» УНН 193000461