Уладзiмiр Някляеў: Жыццё побач з Расіяй


Мы дыскутуем па трох асноўных пытаннях. Першае: ці могуць краіны, якія суседнічаюць з Расіяй, пачувацца ў бяспецы? Другое: разглядае Расія гэтыя краіны, як незалежныя, ці яны для яе - пратэктарат? І ўрэшце – нашы адносіны да Расіі.

У мяне няма няма ніякіх фобій, у тым ліку расійскай. Я не русафоб. Тое, што я пішу і кажу пра Расію, прадыктавана жаданнем бачыць яе не такой, якая яна ёсць сёння. Умоўна кажучы, не пуцінскай. Хоць праблема, вядома, глыбей. Расія такая, якая яна сёння ёсць, не таму, што такі Пуцін. Наадворот: Пуцін такі, бо такая Расія.

На пачатку дэбатаў па праблеме бяспекі краінаў, якія суседнічаюць з Расійскай Федэрацыяй, спытаемся: а ці адчуваюць сябе ў бяспецы яе грамадзяне? Народы, якія яе насяляюць? У бяспецы не ад знешняга ворага – ад самой Расіі?

Гістарычны досвед паказвае, што не. Столькі, колькі знішчыла Расія сваіх, не знішчылі ўсе разам узятыя чужыя.

Расія небяспечная найперш для самой сябе. А тое, што нясе небяспеку для сябе, небяспечнае і для іншых. Як міна, граната, або вар'ят… І ўжо толькі па гэтай прычыне пачуваць сябе ў бяспецы побач з Расіяй немагчыма.

Трагедыя Расіі перакінулася з ХХ у ХХІ стагоддзе, бо ў ёй, у імперыі перыяду распаду, дасюль не скончылася грамадзянскай вайна, якая вынікла з рэвалюцыі 1917 года. У гэтай вайне не перамаглі ні чырвоныя, ні белыя - і ў выйгрышы аказаліся шэрыя. І ў гэтай няскончанай грамадзянскай вайне, вынікам якой можа стаць самазнішчэнне, Расія вядзе яшчэ і знешнія войны.

Знаходзячыся ва Ўкраіне, супраць якой вядзе Расія вайну, частку тэрыторыі якой яна захапіла, выдаючы захоп за вяртанне «исконно русских земель», нават некарэктна пытацца: ці разглядае Расія суседнія краіны як незалежныя дзяржавы? Відавочна, што не. Украіна для Расіі - пратэктарат. Як і Беларусь, якой яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва Пуціна было прапанавана ўступіць у склад Расійскай Федэрацыі. Прапанова дасюль не адмененая. Больш за тое: праз палітыку цалкам залежнага ад Расіі беларускага кіраўніцтва Беларусь незалежная толькі фармальна. Рэальна яна не самастойная ні ў эканамічных, ні ў палітычных, ні ў вайсковых адносінах.

Адносіны да Украіны і Беларусі як да калоній - даўняя палітыка Расіі. Яшчэ ў 18 стагоддзі Кацярына II пісала Фрыдрыху II, што Еўропа была б больш бяспечнай, калі б паміж Берлінам, дзе нарадзіўся Фрыдрых, і Пецярбургам, дзе правіла Кацярына, не было сталіц іншых дзяржаў. Гэта значыць, не было б Варшавы, Прагі, Кіева, Рыгі, Вільнюса, Мінска ... Менавіта такую "бяспечную" палітыку ў дачыненні не толькі да Беларусі з Украінай, а да ўсёй усходняй Еўропы і праводзіць Расія на працягу трох апошніх стагоддзяў.

Ёсць два спосабы дзеянняў у адказ на такую палітыку. Адзін з іх, які дэманструе Беларусь, скіраваны на тое, каб задобрыць Расію. Ледзь што не так - скласці лапкі і круціць хвастом. Але што можа быць вынікам такіх палітычных «хітрыкаў»? Толькі каманда: «К ноге!» - і туфель лізаць.

Другі спосаб дэманструе Украіна. Гэта адкрытае супрацьстаянне імперскім памкненням Расіі, барацьба за незалежную дзяржаву. Такія дзеянні дорага каштуюць, але з іх і вынікае дарагое. Яны ўзвышаюць нацыю. Надаюць ёй адчуванне годнасці, робяць народ народам, дзяржаву дзяржавай. Яны напаўняюць ідэю незалежнасці зместам.

Спадзявацца на тое, што ў бліжэйшай перспектыве палітыка Расіі зменіцца, не выпадае. Свядомасць Расіі, ці іначай руская ідэя (у цяперашняй выяве «Русский мир») - стагоддзямі нязменная. Колькі б рускае праваслаўе ні казала пра нейкую боскасць рускай ідэі, яна, як яе ні круці, ўпіраецца ў рэшце рэшт у самадзяржаўе. Пятроўскае, Кацярынінскае, Сталінскае, Пуцінскае…

Адзін з маіх апанентаў сказаў, што выратаванне Беларусі і Украіны, увогуле ледзьве не ўсёй Еўропы - у знікненні Расіі. Я ў прынцыпе не прымаю ідэю выратавання праз нечае знікненне. Жыццё ратуецца жыццём. Яно не знікае, а змяняецца, і Расіі, каб не знікнуць, трэба змяняцца. Дык вось той, хто не падстройваецца пад яе імперскія, згубныя для яе самой памкненні, а супрацьстаіць ёй у гэтым, не толькі ратуецца сам, але і ёй дапамагае зратавацца. Змяніцца, а значыць, выжыць. І калі-небудзь Расія скажа Украіне дзякуй за гэта. А, можа быць, нават знойдзе ў сабе сілы, чаго ніколі яшчэ не рабіла, пакаяцца перад сваім народам і перад народамі-суседзямі.

«Белорусский партизан»
5246 просмотров
Публикации в рубрике «Статьи, мнения» являются видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Политринга» может не совпадать с точкой зрения автора. Редакция «Политринга» не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
 

Опрос

Одобряете ли вы спецоперацию России на Украине?

 
 

ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ТОП-10 ПУБЛИКАЦИЙ

Курсы валют НБРБ

10 Бразильских реалов 6,2918
10 Датских крон 4,6571
1 Кувейтский динар 10,5249
10 Дирхамов ОАЭ 8,8173
1 Доллар США 3,2385

О сайте

«Политринг» - дискуссионная площадка, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь. Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства. Но мы чётко уверены: лишь с помощью диалога Беларусь может стать современным демократическим государством.
Связь с редакцией, реклама - [email protected] / +375 (4453) 15-3-52

ЧПУ «Согласие-медиа» УНН 193000461